
Мяне завуць Ігар Кулікоў. Я паэт
і перакладчык. Закончыў філфак БДУ (рамана-германскае аддзяленьне, ангель-ская філалогія) у 2010 годзе. Працую пераважна з санскрытам і ангельскай, крыху зь іншымі мовамі .
Жыву невядомасьцю, дыхаю спадцішка, углядаюся ў нетутэйшую далечыню.
Падтрымаць маю творчасьць можна падпісаўшыся на мой патрэон.

Замест жыцьцярысу
я той хто сьпіць на вышыні дзявятага паверха
я той хто сочыць за чаінкамі ў празрыстым кубку
я той хто на плячах сваіх зьбірае перхаць
я той хто з тэлефона не здымае трубку
я той хто езьдзіць на работу пад зямлёю
я той хто ўвечары адкідвае шмат ценяў
я той хто ходзіць ноччу гаварыць з ракою
я той хто фарбу злушчвае з пад’езных сьценаў
я той хто кожны дзень стаіць па ежу ў краме
я той хто слухае купаньне ветру ў вецьці
я той хто адбіваецца у лужах пад нагамі
я той хто зьнікне ў падваротні сьмерці
я той хто насяляе спальныя раёны
я той хто не знаходзіць сабе месца
я той хто углядаецца у змрок аконны
я той хто хоча зоркамі сагрэцца