top of page
Чарлз Букоўскі. Чытво
Рыґведа. Кола І
Калідаса. Воблачны вястун

ЧАРЛЗ БУКОЎСКІ

Чытво (2010, 2018)

Charles Bukowski. The Pulp

Калі я дачытаў гэты раман на трэцім курсе, седзячы на прыступках ля актавай залі, то загарнуў кніжку і ўсклікнуў (сам сабе): «Ды тут няма ніводнага лішняга слова!» Што праўда, гэта быў расейскі пераклад. Але калі неўзабаве ў Празе я наклаў рукі на арыгінал, то і там было тое самае — хаця не, нават яшчэ лепш. Тады ў мяне і зьявілася ідэя перакласьці раман на беларускую. Першы блін сабаку, як той казаў: цяпер я шмат бы

ў гэтым перакладзе паправіў, але выдадзе-нага сякерай шкадаваньня ня высечаш. Пага-тоў шмат чаго можна дагэутль расьцягаць на цытаты:

 

«Я быў таленавіты, я й цяпер таленавіты. Часам

я глядзеў на свае рукі й разумеў, што мог бы стаць вялікім піяністам ці нешта такое. Але што насамрэч рабілі мае рукі? Чухалі яйцы, выпісвалі чэкі, завязвалі матузкі, спускалі ваду ва ўнітазе. Я змар-наваў свае рукі. І глузды».

«Пакуль чакаў, я забіў чатыры мухі. Халера, сьмерць была паўсюдна. Людзі, птушкі, зьвяры, паўзуны, грызуны, жамяра, рыбы – у іх не было аніякіх шанцаў. Усім карачун. Я ня ведаў, што з гэтым рабіць. Настрой сапсаваўся. Разумееце, бачу пакавальніка

ў супэрмаркеце: ён запакоўвае мае купленкі, потым гляджу, а ён ужо пхае сябе ва ўласную магілу разам

з туалетнаю папераю, півам і курынаю грудзінкай».

«Увогуле, з усяго таго, што я намеціў для сябе

ў жыцьці, я дасягнуў нямала. Я зрабіў колькі ўдачных хадоў. Я ня сплю на вуліцы. Вядома, шмат добрых людзей сьпіць на вуліцы. Не ад таго, што яны дурні, – проста яны не ўпісаліся ў лёгіку разьвіцьця эпохі.

А лёгіка гэтая ўвесь час зьмяняецца. Гэта бязрадасны расклад, і калі ўначы ты сьпіш ва ўласным ложку, гэта само па сабе ўжо важная перамога над сістэмаю».

РЫҐВЕДА. КОЛА І

(2016)

ऋग्वेदः ॥ प्रथमं मण्डलम्

Гэта пераклад народжаны шчырай апанта-насьцю справай, і менавіта таму ён ня мусіў пабачыць сьвет, бо апантанасьць тая асьляпіла мяне, і відавочныя памылкі засталіся няўбачанымі. Цяпер жа, з вышыні сёньняшняга досьведу, я добра бачу, што пераклад няўдалы: з таго часу я ўдасканаліў

і перадачу індыйскіх паэтычных памераў,

і свае перакладчыцкія навыкі. Тым ня менш кніга выйшла (не бяз помпы, бо прэзен-тацыя, дзякуючы стараньням тадышняга індыйскага пасла Панкаджа Саксэны, прай-шла ў Нацыянальнай бібліятэцы), і зь ёй можна азнаёміцца. Я, аднак, не пакідаю надзеі, што калі-небудзь выдам зборнік ста найцікавейшых хвалебнаў Рыґведы ў значна лепшым перакладзе.

дастойнае славы тваё нараджэньне
калі ўпершыню ты заржаў о скакуне
радзіўшыся з мора падняўшыся з здрою
арлінакрылаты аленеваногі //163.1//

КАЛІДАСА

Воблачны вястун (2017)

कालिदासः ॥ मेघदूतः

Калідаса ўважаецца найлепшым санскрыцкім паэтам. Дакладны час ягонага жыцьця, аднак, невядомы — звычайная рэч у Індыі. Паводле ўскосных зьвестак навукоўцы вызначаюць, што хутчэй за ўсё Калідаса жыў за часоў знакамітага князя Чандраґупты ІІ (345–413 гг. н. э.) з роду Ґуптаў. Іх валадараньне справядліва лічыцца «залатым векам» індыйскай культуры. З III па VIII стст. н. э. былі створаныя адны з найбольш вядомых шэдэўраў класічнай санскрыцкай літаратуры, і Калідасава творчасьць справяд-ліва ўважаецца ейнаю вяршыняю. Яго лірычная паэма «Воблачны вястун» была вельмі папулярнаю ў даўняй Індыі і спарадзіла цэлы новы жанр і шмат перайманьняў. Гэта выданьне дзьвюхмоўнае: на левым баку развароту зьмешчаны арыгінал пісьмом дэванагары, а на правым — пераклад. Для тых, хто ня ведае дэванагары, у канцы кнігі даецца трансьлітэрацыя ўсяе паэмы на лацінку.

Доўга глядзеў ён угору, тугой агарнуты глыбокай,
сьлёзы свае затаіўшы, слуга найвыдатнага князя.
Томіцца бо і шчасьлівы, калі воблак згледзіць у небе, –
што ж гаварыць пра выгнанца, які зажурыўся бязь любай!

Аповед пра Шакунталу

АПОВЕД ПРА

ШАКУНТАЛУ

(2018)

शकुन्तलोपाख्यानम्

Паданьне пра Шакунталу займае важнае месца

ў індыйскай літаратуры. Менавіта паводле яе сына Бгараты Індыя была яшчэ ў старажытнасьці названая Bhārata, ці «Зямля Бгараты і ягоных нашчадкаў». Цяпер гэта адна з афіцыйных назваў краіны. У гэтай кнізе зьмешчаныя два пераклады: першы — арыгі-нальны аповед пра Шакунталу

з Магабгараты; другі — яго апрацоўка ў выглядзе п’есы «Шакун-тала пазнаная», створаная найвя-лікшым санскрыцкім паэтам Калідасам. Гётэ

ў свой час назваў Калідасу індыйскім Шэксьпірам:

«Хочаш росквіту раньня, пладоў адквітнелага году?
Хочаш панады спазнаць, той, што пітуе красой?
Хочаш зямлю ды неба, ўсё словам адным асягнуці?
Досыць, Шакунтала, мне імя Тваё прыгадаць».

«Шакунтала пазнаная» традыцыйна ўважаецца найвялікшаю санскрыцкаю п’есаю — і небеспад-стаўна. Багатая мова, ясны й дасканалы стыль ды арыгінальная перапрацоўка традыцыйнага сюжэ-ту заслужылі ў індыйскіх літаратуразнаўцаў найвышэйшай пахвалы.

Вунь Месяц хіліцца ужо да гары Заходняй,
а вунь чырвоных скакуноў паганяе Золак.
Адзін заходзіць, а другі узыходзіць сьветач —
застыў, нібыта усябыт, у бясчасьсі шэрым.


Схаваўся месяц і з сабой скраў красу лілеі,
і ўжо яна і не яна — успамін, ня болей.
Ах, цяжка любага кахаць, калі ён далёка,
таму й асунулася так у тузе Канвоўна

Бгартрыгары. Выбраныя вершы
Магабгарата. Выбраныя аповеды
Дж. Р. Р. Толкін. Брацтва Пярсцёнка
Дж. Р. Р. Толкін. Дзве Вежы
Дж. Р. Р. Толкін. Вяртанне Караля

БГАРТРЫГАРЫ

Выбраныя вершы (2019)

भर्तृहरिः

Бгартрыгары (570?–651?) — індыйскі мовазнаўца

й паэт, аўтар знакамітага філасофска-лінгві-стычнага трактата «Пра словы й сказы». Трады-цыйна ўважаецца і аўтарам зборніка «Тры

сотні» — нізкі паэтычных выслоўяў пра правіль-ныя паводзіны, каханьне і аскетызм, — выбраныя вершы зь якога прапануюцца ў гэтай кнізе.

* * *

Аб ёй я думаю штодня, а яна – нізвання,
ёй мілы іншы чалавек, што адданы іншай.
За мною ж іншая зусім знемагае панна.
Авохці! Каб жа іх усіх, і мяне, і Кáму!

 

* * *

    Не праўдзяць тыя песняры, што нярэдка ў творах
    жанчын паваблівых слабым называюць полам.
    Ад бліску зорак іх вачэй і багове млеюць.
    Ды як жа можна называць іх слабой паловай?!

* * *

Нібы тыгрыца – аляня, нас цікуе старасць;
нібыта стрэлы і мячы, ў цела тнуць хваробы;
і век сплывае, як вада са збаноў дзіравых, –
замала гэтых нам нягод: яшчэ й іншым шкодзім!

МАГАБГАРАТА

Выбраныя аповеды (2022)

महाभारतम्

У гэтай кнізе сабраныя 23 аповеды з Магабгараты, першага вялікага эпасу Індыі: амаль усе — г. зв. упакх'яны, або ўстаўныя гісторыі. Зь іх чытач мала
даведаецца пра падзеі вялійкай вайны бгаратаў, але затое пазнаёміцца зь іншымі, ня менш знакамітымі індыйскімі сказаньнямі, такімі, як «Аповед пра Налу» і «Аповед пра Савітры»,

а таксама з кароткім пераказам другога індыйскага эпасу — «Рамаяны». Так, прыкладам, пачынаецца «Аповед пра Налу», які ведае кожны, хто вывучаў санскрыт, бо гэты тэкст даецца, бадай, ва ўсіх хрэстаматыях:

Жыў-быў князь на імя На́ла, Вірасэ́наў магутны сын,
дасьведчаны яздок, пекны і штоцнотай надзелены.
Стаяў над Індрамі людзей ён, нібыта сам Пан багоў,
над усімі, нібы сонца, зіхацеў Вірасэнавіч.
Набожны, ведавед, сьмелы, ён уладнуў нішадгамі,
ахвочы да гульні ў косьці й абаронца сваёй зямлі.

ДЖ.Р.Р.ТОЛКІН

Брацтва Пярсцёнка (2023)

J. R. R. Tolkien. The Fellowship of the Ring

Аднойчы мне пазваніў выдавец Андрэй Янушкевіч і загадкава сказаў: «Ігар, прыяжджайце на офіс,

у мяне да вас прапанова, ад якой вы ня зможаце адмовіцца». Як вы ўжо здагадаліся, гэта быў пераклад трылогіі «Валадар Пярсьцёнкаў» — мая даўняя мара, яшчэ са школьных часоў. Для тых, хто яшчэ раптам не чытаў майго перакладу, маленькі спойлер: галоўнага героя ў мяне завуць Фрода Торбінс. Выбачайце, прыхільнікі Бэгінса, але прафесар раіў імя перакладаць, і я ня змог не прыслухацца. Працуючы над перакладам, я аса-бліва цешыўся вершам, таму дазволю сабе пра-цытаваць тут адзін зь іх:​​

Хвала мыццю ў вечаровы час,

Што бруд і стому змывае з нас!

Той шчасце сам у сябе крадзе,

Хто ў лазні не рад Гарачай вадзе!

 

Прыемна дождж за акном шуміць

І ў стромай лагчыне рачулкі ніць;

Ды лепей за дождж і любы ручай,

Калі Гарачай вады праз край.

І зімнай можна вадой заўжды
Спатоліць смагу — тае бяды;
Ды лепей півам прамочваць рот,
Вадой Гарачай паліваць жывот.


Прыгожа скача да самых хмар
Фантан і пырскамі лашчыць твар;
Але найлепшы фантан з усіх,
Калі ў Гарачую ваду — бултых!

ДЖ Р.Р.ТОЛКІН

Дзве Вежы (2024)

J. R. R. Tolkien. The Two Towers

Пра другі том сагі магу сказаць толькі адно: у ім месьцяцца некалькі маіх самых улюбёных вершаў Толкіна. Першы — жалебен (крыху свамовы!) па Бораміру, за які мне заўжды было крыўдна пры чытаньні іншых перакладаў. Верш прыгожы як

у зьмесьце, так і ў форме. Бальшыня радкоў мае па дзве цэзуры, многія — алітэрацыю, частка — па-добныя сінтаксічныя канструкцыі. І, вядома, не абышлося без архаікі. Усё гэта я паспрабаваў захаваць у перакладзе. На жаль, верш завялікі, каб прыводзіць яго тут, таму падам свой другі ўлюбёны верш — Дрэвабародаву песьню пра энтавіц:

 

ЭНТ:

Калі Вясна распушыць лес і сок напоўніць вець,

Калі зайскрыцца зноў ручай і птушкі стануць пець,

Калі закрочыцца шырэй пад свежы горны вей,

Прашу, вярніся да мяне, бо край мой прыгажэй!

ЭНТАВІЦА:

Калі Вясна пачне ўбіраць палеткі ў рунь жытоў,

Калі пакрые квецень зноў сады замест снягоў,

Калі наводараць дажджы зямлёй ажылай вей,

Я не прыйду, я не прыйду, бо край мой прыгажэй.

ЭНТ:

Калі надыдзе летні час і ў поўдзень залаты

На дрэвах будуць уздыхаць прыспаныя лісты,

Калі у хораме лясным задзьме заходні вей,

Прашу, вярніся да мяне, бо край мой шмат ляпей!

ЭНТАВІЦА:

Калі саспеліць Лета плод і ягаду зардзіць,

Калі наніжа бель зярнят на колас, як на ніць,

А мёд напоўніць соты — хай і з Захаду дзьме вей,

Я не прыйду, я не прыйду, бо край мой шмат ляпей!

ЭНТ:

Калі Зіма раздзене лес і доўгім стане цень,

Калі бяззорнай будзе ноч і беспрасветным дзень,

Калі з Усходу грозны вей нагоніць золь дажджоў,

Я стану ўсюль цябе шукаць — і злучымся мы зноў!

ЭНТАВІЦА:

Калі зімовы нойдзе змрок і працы час міне,

Калі замоўкнуць птушкі й сад застыне ў галізне,

Я стану ждаць, я стану ждаць твайго прыходу зноў —

Мы разам выправімся ў пуць тады праз золь дажджоў!

АБОЕ:

Мы разам выправімся ў пуць на Захад, за пазем,

І знойдзем там супольны край, дзе сэрцам адпачнем.

ДЖ Р.Р.ТОЛКІН

Вяртанне Караля (2024)

J. R. R. Tolkien. The Return of the King

З гэтым томам у мяне зьвязана цікавая гісторыя.

У школе, калі я загарэўся ідэяй перакласьці раман у беларускую, я, вядома, пачаў з уступнага верша пра Пярсьцёнкі й нават апублікаваў сваю версію на нейкім талкінісцкім форуме. Пераклад быў крывы, таму спадзяюся, што ад таго форуму даўно не захавалася нават архіву. А вось наступны верш, за які ўзяўся ўжо ва ўніверсітэце, была Сэмава песьня ў вежы Кірыт-Унгала. Добра помню, як ішоў на філфак па Карла Маркса з боку вакзала й круціў

у галаве гэтыя радкі. Тады ў мяне так нічога талковага й ня выйшла. Давялося пачакаць яшчэ 16 гадоў, каб атрымалася вось гэта:

На захадзе цяпер Вясна:

    цвітуць палі й сады,

блішчыць ручай у промнях дня,

    і ціўкаюць дразды.

А можа, й ноч у тых краях,

    нябёсаў чыст прастор,

і носяць букі ў валасах

    жамчуг Эльфійскіх зор.

 

Няхай сяджу я тут адзін

    і мрок магільны ўкруг,

вышэй за вежы ўсіх цвярдынь,

    вышэй за горны цуг

і Сонца шлях, і Зорак дом —

    заўжды над ценем ясь,

а значыць, з Зоркамі і Днём

    развітвацца не час.

Стараангельская паэзія
Сэр Гавейн і Зялёны рыцар

СТАРААНГЕЛЬСКАЯПАЭЗІЯ

(2019)

Englisc Leoþcræft

Стараангельская паэзія натхняла ­многіх  пісь-меньнікаў. Яе перакладалі Альфрэд ­Тэнісан, Эзра Паўнд, Шэймас Хіні. Безь яе, бадай, не было б

і Міжзем’я Дж. Р. Р. Толкіна. Старагерманскі гераізм, па­множаны на хрысьціянскі стаіцызм, спарадзіў творы надзвычайнай сілы, якія ўраж-ваюць чытачоў і па сёньня. Іх мова — плён даўняй паэтычнай традыцыі, іх вобразы адточаны пакаленьнямі паэтаў — падарожных песьняроў, што блукалі з краю ў край у пошуках шчодрых апекуноў.  Носьбіты зямной славы, з прыходам хрысьціянства яны сталі творцамі славы нябёснай, але сіла духу засталася тою ж. У ёй — галоўны скарб стараангельскай паэзіі, і, мабыць, ніхто яшчэ ня выразіў яго лепей, чым невядомы аўтар паэмы «Бітва пры Мэлдуне»:

Hiᵹe sceal þé heardra,   heorte þé cénre,
mód sceal þé máre,   þe úre mæᵹen lytlað!

Хай дух наш будзе   тым больш трывалым,
а сэрца—сьмелым,   чым менш у нас сілаў!​

СЭР ГАВЕЙН І ЗЯЛЁНЫ РЫЦАР

(2024)

Sir Gawayn and þe Grene Knyȝt

Ананімная паэма канца XIV ст. «Сэр Гавейн і Зялё-ны Рыцар» справядліва лічыцца адной зь пярлін сярэднявечнай ангельскай літаратуры. Яна шмат-кроць перакладалася ня толькі на сучасную ан-гельскую, але і на іншыя еўрапейскія мовы. Існуе некалькі яе экранізацый. Дж. Р. Р. Толкін, най-вядомейшы перакладчык паэмы, ставіў яе ў адзін шэраг з найлепшымі творамі «бацькі ангельскай паэзіі» Джэфры Чосера. «Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар» цікавы ня толькі сваім зьместам як выдатны рыцарскі раман, але і формаю, бо напісаны даўнім алітэрацыйным вершам з эле-ментамі рыфмаванага ямба, а мова яго ўтрымлівае нямала дыя­лектызмаў і архаізмаў. Усе гэтыя асаблівасьці твора як мага захоўваюцца ў беларускім перакладзе. Акрамя ўласна па­эмы, кніга зьмяшчае нізку артыкулаў: пра артурыяну, ся­рэднеангельскую мову, алітэрацыйны верш

і прынцыпы яго перадачы, — што дапаможа чытачу лепей зразумець і ацаніць гэты твор.

     Калі па аблозе й бітве    сібернай Троя
     пала ў полымі й прыскам    ды попелам стала,
     а мужа, які замысліў    змову і здраду,
     судзілі за дзёрзкае    яго ліхадзейства,
     быў гэта Энэй найхаробры,    чый род умнозе
     паняволіў правінцыяў    аж па выспы нашы
     і дзедзічыць стаў непадзельна    ва ўдзеле заходнім.
     Перш Ромул рушыў туды,    дзе Рыму пачацца,
     і слаўнае на ўсю зямлю    залюдніў места —
     у гонар яго той горад    і сягоння завецца.
     Патым у Таскане Тыцый    паставіў замкі,
     Лангаберд атабарыўся    ў Ламбардыі шчодрай,
     а Фелікс Брут павёў флот    за Франкскія воды
     і тут, на тлустых прасторах    Брытанію нашу
                         заклаў,
          дзе звад і войн бывала мора,
          пракудаў процьма ды праяў
          і дзе змяшана шчасце й гора,
          бяда й раздолле ў вечны сплаў.

Роберт Фрост. Выбраныя вершы

РОБЕРТ ЛІ ФРОСТ

Выбраныя вершы (2023)

Robert Lee Frost

Роберт Лі Фрост (1874–1963) — адзін з найвыбітнейшых амерыканскіх паэтаў, чатырох­кратны лаўрэат Пулітцэраў­скай прэміі за паэзію. Гэтая кніга зьмяшчае пераклад вы­браных вершаў

зь яго шматдзесяцігадовай творчасьці.

 

Паэт нарадзіўся ў Сан-Францыска ў сям’і журналіста Вільяма Фроста-малодшага і шат-ландзкай імігранткі Ізабэль Мудзі. Яго продкі

былі аднымі зь першых пасяленцаў у Масачусетсе, куды па бацькавай смерці ён разам з маці й пераехаў у 1885 г. Будучы паэт вырас у горадзе Лорэнс, але яго дзед незадоўга да свае сьмерці купіў яму невялікую ферму на поўдні Нью-Гэмпшыра. Там паэт пражыў разам з жонкаю дзевяць гадоў і напісаў адны з сваіх найвядо-мейшых вершаў. Фроставы творы вылучаюцца майстэрскім спалучэньнем традыцыйнай формы

і гутарковай мовы, увагай да дэталяў і афары-стычнасьцю. Праз апісаньні вясковага жыцьця Новай Англіі паэт зьвяртаецца да філасоф­скіх праблем, адкрываючы ў простым складанае, а ў складаным — простае. Гэтая кніга зьмяшчае пераклад выбраных вершаў з усіх яго прыжыць-цёвых зборнікаў.

Пакінуты

Bereft

Дзе я ўжо чуў, каб шэпт вятроў
Вось так змяніўся ўраз на роў?
Маўляў, навошта ён прыйшоў
На ганак друзлы ды без слоў
Глядзіць згары на шал валоў?
Выйшла лета і выйшаў дзень.
Хмарамі лёг на захад цень.
Скруціўся змей з сухіх лістоў,
І з шыпам кінуўся да ног,
Але прамазаў ды палёг.
І штосьці вусцішнае ў тым
Сказала мне: вядома ўсім,
Што ў доме я адзін зусім,
І мой сакрэт ужо не мой,
Што я ў жыцці адзін зусім
І толькі Бог яшчэ са мной.

Фрэнк Герберт. Дзюна

ФРЭНК ГЕРБЕРТ

Дзюна (2025)

Frank Herbert. Dune

Гэты пераклад здарыўся са мною выпадкова. Ніколі не хацеў перакладаць гэтай кнігі, але ўлетку 2024 проста з моста ўзяўся — і не пашкадаваў. Не скажу, што аўтараў стыль мне даспадобы, але працаваць зь ім было цікава. Вось колькі назіраньняў, якія, мабыць, натхняць іншых пачытаць гэту кнігу:

1. Гербертаў стыль у цэлым можна назваць навукападобным, асабліва калі ідзецца пра рэчы, зьвязаныя з разумовай дзейнасьцю. Напрыклад: Jessica focused her mind on lasguns, wondering. => Джэсіка засяродзілася на лазерлетах. Starlight displaced just enough of the night to charge each shadow with menace. => Святло зорак выцесніла роўна столькі ночы, каб наэлектрызаваць кожны цень пагрозаю.

2. Герберт любіць рознага кшталту метанімічныя пераносы (якасьці прадмета на яго дзеяньне або на тое, што ён зьмяшчае і пад.). Напрыклад: A bit of black movement there and Yueh walked through. => Трохі чорнага мільгацення — і ўвайшоў Юе. The aircraft became a long, horizontal whisper of darkness lighted only by the green luminosity of the instrument panel. => Арнітоптэр ператварыўся ў доўгі, гарызантальны шэпт цемры, якую парушала толькі зеленаватае свячэнне прыборнай панэлі. У гэтым сэнсе «Дзюна» — досыць паэтычная кніга. У адным з інтэрвію Гербер нават сказаў: «I wrote certain parts of it in haiku and other poetical forms and then expanded them to prose to create a pace».

Book no.1
Book no.2
Book no.3
Book no.4
Book no.5
Book no.6
Book no.7
Book no.8
Book no.9
Book no.10
Book no.11
Book no.12
Book no.13
© 2026 Ігар Кулікоў. Powered and secured by Wix
bottom of page