top of page
Паварот на мора
Свамова
Сівер-гара
Валадар загадак
Храм ракі
Вецер нішто і рэха цьмы
Бяс край
Нетутэйшая далечыня
Горад N.

ПАВАРОТ НА МОРА (2011)

Мая першая кніга вершаў, напісаная збольшага на трэцім–пятым курсах універсітэта і адрэда-гаваная ў бытоўцы ля катлавана будучай станцыі метро «Міхалова». Для мяне яна стала сапраўд-ным паваротам на мора паэзіі, у якое я нырнуў

з разгону і ў якім дагэтуль плыву. Кніга адчайных займеньнікаў і лірычных вар'ятаў, якія блукаюць аўтаспынам па дарогах быцьця. Кніга пачатку,

у якой жывуць зародкі ўсіх наступных зборнікаў. Кніга яшчэ не адкрытых даляў:

«Проста ня будзь халатным да тугі далячыняў,
выхадзі пустату, чуючы пад сабою ног.
Высьветлі для сябе кчэмную палавіну
і ня дай ёй згаснуць.
Аўтар ідэі – нехта Бог».

А вось што думае на гэты конт мой сябар Міхаіл Баярын:

 

«Свабода — гэта тое месца, куды дастаўляе гэтая кніга. "Паварот" вызваляе, гэта паварот на волю. Мора сэнсаў, разгул хваляў магчымасьцяў, адлю-страваньня якіх рэактыўная сьвядомасьць не дачакала б ніколі».

Свабода вядзе да паўнаты – ва ўсіх сэнсах.

СВАМОВА (2013)

Кніга нарадзілася са штодватыднёвых сустрэч на беразе Менскага мора, дзе гурток аднадумцаў абмяркоўваў пераклад санскрыцкай граматыкі на беларускую мову. Свамова — гэта спроба ўявіць, якою была б беларуская мова, каб яна разьвівлася ў кірунку, падобным да санскрыцкага, свабодна, але ўрэгулявана. Кніга сакральнага моўнага экстазу. І малачытэльнага шаленства.

у сэрца зімы мой самаспазор
у прошлае што наперадзе
сябе ўспамінаючы ціраю тор
смагу човы жарбой толячы
голы бы найвяршыні гор
гару ў спакоі стываю ў верадзе
 

​* * *

«“Свамова” — гэта паэзія індаэўрапейскай міталёгіі

і архетыпаў. Яна зварочваецца не да культурнага фонду мадэрну, а да падставовага і фундамэнтальнага ў чалавеку, да пачаткаў культуры і мовы. Гэта не паэзія гіпэртэксту. Тут няма адсылак і алюзій на створанае іншымі. Гэта паэзія пачынаецца спачатку».

Міхаіл Баярын

СІВЕР-ГАРА (2015)

Бадай, найлепшая мая кніга, няхай і далёкая ад дасканаласьці. Санскрыцкія пераклады — яшчэ вучнёўскія, але яны задаюць кнізе гарызонт, адсоўваючы яго ў часе і прасторы далёка ад тут-і-цяпершчыны. Я помню, як пісаў кожны верш:

з аднымі я прачынаўся, другія выношваў на вуліцах Вільні, а трэція падарыла раптоўная навала натхненьня, ад якой хацелася крычаць радкамі. Кніга сімвалаў і загадак, прасякнутых тугою па страчанай адгадцы. Кніга роспачнага зваяра, які распраўляе звамя плеч на нябачнай вяршыні:

і ляжаць гарады ў развалінах гор
і бязьмежны стэп у снапах шатроў
і да скуры ліпне пяском адчай
і сьцякае пот пакідаючы шнар
і ў асадзе дых вараных вятроў
і вышэй за страх толькі іглы зор
і апошні горац ускідвае сьцяг
і ірвецца ў бой з ваяра зваяр

* * *

«Паэзія Ігара Кулікова — дасканалы, насычаны сэнсамі і алюзіямі лабірынт, у якім сам аўтар выконвае ролю Тэзея, Мінатаўра і крыху (эпізадычна) Арыядны. Перад намі, па сутнасьці, жанр паэтычнай імплозіі: старажытны міт (ці міты?) узрываецца ўнутар самога сябе, зацягваючы ў вір канцэптуальнай эмоцыі — выпадковыя словы, паўзы і знакі прыпынку. Чытач тут зусім не абавязковы, хаця й ня лішні».

Ігар Бабкоў

ВАЛАДАР ЗАГАДАК (2017)

Як пажартавала адна мая знаёмы, гэта той выпадак, калі было вельмі сьмела пісаць пад назваю кнігі імя аўтара. З аднаго боку, яна, безумоўна, мела рацыю; з другога, у ведычнай Індыі паэт акурат і быў валадаром загадак, які «хадзіў улукаткі». Таму валадарства маё складаецца ўсяго толькі з паэзіі — і то адно сваёй.  Чорная вокладка тут дарэчы: кніга пачынаецца

з рыґведыйскага хвалебна багіні Ночы і сканчаецца нізкай перакладаў з Фрыдрыха Гёльдэрліна, якому належаць знакамітыя радкі:

 

    «А між тым што рабіць і што мовіць, ня знаю,
    Як ня знаю, нашто ўбогаму часу паэт?
    Але ён, кажаш ты, – як віннага бога сьвятар, што
    З краю блукае ў край, ходзячы ў ночы сьвятой».

А вось з другім сваім знаёмым я, бадай, пагаджуся цалкам (чаму б і не!):

 

«Харошы зборнік вершаў, пазбаўленых галоўных хваро-баў беларускага вершаскладання: пост-адраджэнскіх клішэ, паўсюднай іроніі і шэрасці формы».

Максім Карпіцкі

ХРАМ РАКІ (2019)

Апошняя кніга страчанага раю. У ёй мне ўпершыню захацелася і змаглося напісаць нешта доўгае. Відзея (карыстаючыся свамоваю) загалоўнага верша прыйшла да мяне як сапраўдная відзежа— цьмяная й далёкая, яна пакінула па сабе жаданьне, жаданьне адліць мяльком пабачанае ў фатаграфічнасьць слоў. Быў зімны дзень, але я так захапіўся зьбіраньнем туманных абрыўкаў у цэлае, што зусім забыў пра адчыненае вакно — і крыху прыхварэў. Але верш уісьніўся (як сказаў бы Алесь Разанаў) і адчыніў сабою шлюз Пандоры, паклаўшы пачатак вялікаму падарожжу ў Вялікае Княства, мера якому — маё жыцьцё. Ці тое, што ад яго яшчэ засталося ў засеках будучыні.

Ёсьць у кнізе і крыху постмадэнізму, хоць я б назваў гэта размоваю зь мінулымі паэтамі — шумера-акадзікімі, угарыцкімі і, вядома, стараіндыйскімі. Як напісаў (не)вядомы паэт,

«свойцеся з сонцам   што ня знае стомы
у радасьць бязьмеру   ідзеце сьмела
і віхрам бушуйце   у ночы моўчы»

А Алфрэд Тэнісан дадаў:

«Ня ўсё яшчэ прапала, не! І хоць
Ня тая сіла мы, што колісь долам
І небам рухала,—чым ёсьць мы, ёсьць:
Адзін і той жа гарт адважных сэрц;
Так, час і лёс аслабіў нашу плоць,
Але ня волю пасягаць на шлях,
Шукаць, знаходзіць і не адступаць».

ВЕЦЕР НІШТО І РЭХА ЦЬМЫ
(2021)

Змрочнаму часу змрочная вокладка. Зрэшты, чорны арол тут хутчэй Акудовічава Нішто,

а чалавек — рэха ягонай цьмы. Ці хутчэй мова

ў ягоным сэрцы. А можа, і не. Чытач вырашыць сам, дайшоўшы да канца кнігі. Аўтар жа для сябе ўжо ўсё вырашыў:

 

я той хто насяляе спальныя раёны
я той хто не знаходзіць сабе месца
я той хто углядаецца у змрок аконны
я той хто хоча зоркамі сагрэцца

 

Пра гэта ўласна ўся кніга — ісьці ў немавед-будучыню, углядаючыся ў ягоную цемру, дзе час ад часу нешта бліскае. Ісьці, не знаходзячы сабе месца, бо месца тваё скрадзена, а вакол — адно спакусьлівыя падмены. Але ў канцы цябе, мажліва, чакае намёк на сэнс гэтага ўсяго. Як Чорная Вежа — Раланда ў паэме Роберта Браўнінга:

«Я ўсіх пазнаў іх. Але ўсім на зьдзіў
Падняў я рог бясстрашна й пратрубіў:
"Да Цёмнай Вежы Чайлд Раланд дайшоў"».

Рога я ня маю, таму зноў працытую Максіма Карпіцкага:

«Чарговы камень у падмурак кансерватыўна-мадэрнісцкага праекту Ігара Кулікова. Мо я ўжо прывыкшы, але калі раней часам здавалася, што Ігар хоча цалкам, дарэшты "правільна" перастварыць мову, дык цяпер новыя словаформы, нечаканыя значэнні знаёмых словаў і зусім новыя словы з’яўляюцца ў адказ на патрэбы верша, каторых слухаецца і плывучы рытм радкоў, куды разнастайнейшы, чым у большасці беларускіх паэтычных зборнікаў. Што да вобразаў, дык яны амаль спрэс рамантычныя і Ігар — хіба не адзіны зараз, у чыіх вершах яны ўсё яшчэ жывыя, імаверна акурат дзякуючы мадэрнісцкай прышчэпцы. Так-то з рамантычнай вобразнасці нашай сучаснай паэзіі не склеіць і вершаванай дсп-дошкі, бо там гэтыя адраджэнскія вобразы былі столькі разоў перапрацаваныя, што ў іх не засталося нічога жывога, яны ператварыліся ва ўпыроў, каторыя сілкуюцца выключна эмоцыямі нацыянальна ангажаваных чытачоў. А ў вершах Ігара яны — жывуць сабе, нібыта так і мае быць».

БЯС КРАЙ (2024)

Гэтай кнігі ня мусіла быць. Жменя вершаў, якія

ў яе ўвайшлі, спачатку былі часткаю іншай кнігі. Але акалічнасьці апошніх гадоў загадалі мне выразаць іх адтуль і ўшыць пад новую вокладку. Пра што я ані не шкадую. Назва кажа: гэта першая кніга, выдадзеная за межамі радзімы, і таму цалкам, да апошняга радка, пра яе:

наш родны Край — на ростанях заўсёды

радзіцца ў ім — ня значыць жыць у ім

ён іншай — вогненнай — прыроды

ён ёсьць датуль пакуль мы ім гарым

Калі ўсё жыцьцё прахадзіў тутэйшым, то тамтэйшасьць налазіць зь цяжкасьцю, муляе, націрае душу да крыві. І тады табе ўсюды пачынае мроіцца дом:

Непрызнаны, кладуся ў ноч, і ў заплюшчаным стане

я заходжу да плеч у свабоду й плыву да зьнясільля ў

страчаны дом, плыву, як туга тугі, за трыдзевяць міляў

і выходжу на двор, той самы знутры, —

у абдымкі сьвітаньня.

Што далей? Далей толькі бяскрай, які трэба, але немагчыма асвоіць. І ўсё ж, і ўсё ж...

Але мы вернемся, выпарыўшыся ўвыш,

і шэптам заўтра дажджавым напоўнім,

здарожышыўся, нашу прошчу.

А покуль што наперадзе

бяскрай ды ціш,

і я чамусьці

сам сабе

зайздрошчу.

НЕТУТЭЙШАЯ ДАЛЕЧЫНЯ
(2025)

Кніга была напісана яшчэ ў Беларусі й мусіла выйсьці тамсама ў 2023 годзе. Але не змагла.

У выніку далечыня стала і праўда нетутэйшаю, хоць я і ўкладваў у назву зусім ня гэты сэнс. Добра помню, як пайшоў гуляць на рэчку ля дому: буяла лета, згушчалася бура, пахла крапівой і шэптам асін. Нахадзіўшыся, я схаваўся ад навальніцы

ў кавярні й запісаў першы верш для гэтай кнігі — верш пра Вецер:

Лепш за ўсё сустракацца зь ім па-над ракой —
дзесь на скраі глыбокай зарослай лагчыны
і каб голаў п’яніў агнязыкі крапіўны настой,
а паверсе трывожна трымцелі асіны.

 

Усё, што было, зьнесена тым Ветрам у невараць, якой доўжыцца ў меру нетутэйшай далечыні. Засталося толькі нішто, лёгкае, як птушынае пёрка:

хто ёсьць ключ ад замка непрагляднай моўчы
хто агонь беспачатны ў далонях сэрца
хто знахар бездарожжа й нябыту лоўчы
той надыдзе як князь і ніштонядзержца
 

Канцуе кнігу пераклад «Песьні пра старога мараход» С. Т. Колрыджа, зроблены цалкам на паперы, чаго са мною не бывала ўжо даўно. Бадай, многія чулі радкі

Вада, кругом адна вада;
Як брыг сухі трашчыць!
Вада, кругом адна вада,
Але няма што піць.
 

Але цяпер хочацца іх крыху перафразаваць:

Зямля, кругом адна зямля;
Як тут быцьцё гарчыць!
Зямля, кругом адна зямля,
Але няма дзе быць.

ГОРАД N. (2026)

Кніга болю. Кніга невараці й вяртаньня. Кніга пра Менск, Вільню, Варшаву ды іншыя гарады

й мястэчкі, якія патрапіліся мне на дарозе

зь менскай прапіскі ў нетутэйшую далечыню:

У чым уваходзіць туды, у нашы з табою
мінулыя дні, як ня ў лідзкіх кедах, не?
Я купіў сабе пару перад самай дзяльбою
нас на тутэйшых і болей не.
 

Гэта зборнік ня столькі вершаў, колькі моўных здымкаў, спроба зафіксаваць прастору і час: свае — каб запабегчы немінучаму адчужэньню ва ўмовах нерадзімы, чужыя — каб абжыць і прыпадобніць новыя месцы да сваіх, не прысвоіць іх, але хаця б зрабіць утульнейшымі.

   але прыйдзецца ўсё ж зьмяніць тут на нейкае там
   і зноў траціць сябе на ўжываньне няхай і міжволі
   зрэшты колькі сябе я на месцы новым раздам?
   я ж бо бачу што ўжо напалову прынамсі полы

Моўныя фота дапаўняюцца фота звычайнымі, якія ня толькі размаўляюць з суседнімі тэкстамі, але

і самі па сабе складаюцца ў невялікую кнігу ў кнізе. Бальшыня матэрыялу была створана ўжо не

ў Беларусі, і толькі некаторыя вершы і здымкі паходзяць яшчэ з даэміграцыі — у пэўным сэнсе гэта кніга выдадзена навыперадкі з забыцьцём як вонкавы носьбіт памяці пра тое важнае, што дазваляе заставацца на плаву быцьця. Толькі важнасьць гэтая, няхай і часта тужлівая і балючая, насамрэч бязважкая, як сонечнае сьвятло, бо азарае будучы дзень:

   Будзь жа голым прад прышлым вяртаньнем,
   улегцы, павер мне, лягчэй супасьці з сабой былым.
   Прасторай і часам, о так, мы поўнымі станем,
   але з гледзішча дому мы мусім застацца пустымі
                                    зусім.

Book no.1
Book no.2
Book no.3
Book no.4
Book no.5
Book no.6
Book no.7
Book no.8
Book no.9
© 2026 Ігар Кулікоў. Powered and secured by Wix
bottom of page