top of page
Дж. Р. Р. Толкін. Хобіт

ДЖ Р.Р.ТОЛКІН

Хобіт

J. R. R. Tolkien. The Hobbit

​

Пераклад ужо гатовы. Калі пашанцуе, кніга выйдзе пад Новы год альбо неўзабаве па ім. Тут жа прывяду для закрасы песьню гномаў зь першага разьдзелу:

​

У даль, за мур імглістых гор,

Да стылых стром і даўніх нор

Нам трэба ў пуць, заднее чуць,

Па зыркі скарб у цьме пячор.

 

Там чары дзеяў гном-каваль

У глыбіні падземных заль,

І ў даўнасць дзён гуў молат-звон,

Дзе дрэмле цемра ў нетрах скал.

 

Стваралі спраўна праайцы

Для эльфаў з золата вянцы

Ды ў жар-алмаз лавілі ясь,

Каб аздабляць людзям стальцы.

 

У сеткі срэбныя як след

Яны ўпляталі зорны цвет —

Такіх аздоб, каб там жыло б

Святло нябёс, не бачыў свет.

 

У даль, за мур імглістых гор,

Да стылых стром і даўніх нор

Нам трэба ў пуць, заднее чуць,

Вярнуць забыты скарб пячор.

 

Бяседы там ішлі даўней,

Ды граў на арфе песнядзей,

І песень тых ніколі слых

Не чуў ні эльфаў, ні людзей.

 

Шумелі сосны на гары,

Стагналі поначы вятры.

І вось дракон наслаў агонь,

Паходняй пыхнулі бары.

 

Набат напоўніў дольні змрок,

І людзі ў высь узнеслі ўзрок.

У попел іх палацы ўміг

Ператварыў акрутны цмок.

 

Валіў з гары клубамі дым,

І гномы смерць пачулі ў ім.

Хто мог, пабег з глыбінь наверх,

Пад небам згінуўшы начным.

 

У даль, за мглісты вакаём

Да нор старых і стылых стром

Нам трэба ў пуць, заднее чуць,

Адбіць у цмока скарб і дом!

Дж. Р. Р. Толкін. Сільмарыліян

ДЖ Р.Р.ТОЛКІН

Сільмарыліян

J. R. R. Tolkien. The Silmarillion

​​

Пераклад гатовы недзе напалавіну. Тэкст няпросты і, напэўна, будзе яшчэ ня раз перапісаны, перш як убачыць друк. Для закрасы падаю пачатак «Айнуліндалэ»:

​

Быў Эру, Адзіны, якога ў Ардзе завуць Ілу́ватар;

і стварыў ён спачатку Айнур, Святых. З ягонае мыслі ўзніклі яны і былі з ім яшчэ да таго, як было створана ўсё астатняе. І загаварыў ён з імі, прапа-наваўшы музычныя тэмы, і сталі яны спяваць для яго, і быў ён рад. Але доўгі час яны спявалі паасобку ці па некалькі разам, пакуль рэшта зважала; бо кожны спасціг толькі тую частку Ілуватаравай мыслі,

з якое паўстаў, і разуменне сваіх суродзічаў пры-ходзіла да іх адно спакваля. Адылі чым больш яны слухалі, тым глыбейшым рабілася іх разуменне

і тым сугучней а суладней яны спявалі.

Дж. Р. Р. Толкін. Прыгоды Тома Бамбадзіла

ДЖ Р.Р.ТОЛКІН

Сказанні з Небяспечнага каралеўства

J. R. R. Tolkien.
The Tales from the Perilous Realm

​​​

Пераклад гатовы недзе напалову. У кнігу хацеў бы дадаць яшчэ тры Толкінавы вершы, якія вельмі люблю:  «Апошняя песьня Більба», «Рогі Ільміра»

і «Кароль Скева». Вось колькі прыкладаў перакладаў:

​​

* * *

​

Жыў-быў Том Бамбадзіл, весялун вялікі,

куртку сіню ён насіў, жоўты чаравікі,

пас зялёны меў да пары скураным ён порткам

ды высокі капялюш з лебядзіным пёркам.

Дом яго стаяў пад Горкай, дзе ў траве крыніца

Вербалозкі весела ў яр лясны бруіцца.

​

* * *

​

Калі месяц і сонца ў небе паўсталі,

пра срэбра й злота багі заспявалі:

напоўнілі плынь рачную злотам

і ў траве срэбра рассыпалі потым.

Яшчэ Пекла не раскрыла пашчы,

не прачнуўся гном і цмок гарачы,

а эльфы ўжо пяялі заклёны,

каралям творачы жар-кароны

ды іншыя ўмнозе красныя рэчы

на дне долаў і ў лясной гушчэчы.

​

* * *

​

У даўнія дні з далечаў морскіх

да зямель Поўначы, дзе мешкаў тады

народ лангабардаў сярод астравоў,

прыбыў яснабокі карабель дзівосны,

без вёсел а ветразя, па водах на ўсход

самаплывам рушачы. І раптам сонца

Том Стопард. Розенкранц і Гілдэнстэрн памерлі

ТОМ СТОПАРД

Розенкранц і Гільдэнстэрн памерлі

Tom Stoppard.
Rosencranz and Guildenstern are Dead

​​​

Геніяльная п'еса пра абсурд існаваньня

і сьмерць. Я пераклаў яе яшчэ ў 2021 годзе, але да друку, на жаль, так і не давёў. Вось адзін з маіх улюбёных урыўкаў:

​

РОЗ: І так бясконца. Ну, мабыць, не зусім без.                            (Паўза.)

У цябе бывае, што ты ўяўляеш сябе мёртвым? Кшалту, ляжыш у труне пад вечкам…
ГІЛ: Не-а.
РОЗ: І я не… Бязглузда праз гэта засмучацца. У сэнсе, людзі думаюць пра гэта так, нібыта яны ляжаць

у тру-не жывыя, забываючы, што яны насамрэч ужо мёртвыя… а гэта вялікая розніца, як-ніяк… У сэнсе, ты б ніколі не зразумеў, што ты ў труне, не? Гэта ўсё адно, што ў ёй спаць. Не тое, каб я любіў спаць

у труне, без паветра

і ўсё такое… так можна і мёртвым прачнуцца дый яшчэ і невядома дзе. То-бок у труне, але дзе канкрэтна? Вось гэты момант мне больш за ўсё і не падабаецца. Таму

я пра гэта і не думаю…
                ГІЛ неспакойна захутваецца ў плашч.
У сэнсе, гэта ж навечна, так? Запакуюць цябе ў труну — і ўсё, ніхто табе ўжо не дапаможа. Нават калі не забываць, што ты будзеш там мёртвы… ты толькі падумай, калі б я раптам сказаў табе, што от проста зараз увапхну цябе ў гэтую труну, ты б лёг у яе жывым ці мёртвым? Вядома, жывым. Лепш жыць у труне, чым не жыць зусім. Не? Прынамсі, застаецца хоць нейкі шанс. Ляжыш сабе і думаеш: «Прынамсі, я яшчэ не памёр. Вось-вось хто-небудзь пастукае ў вечка і скажа мне вылазіць: (стукае кулакамі па падлозе) “Гэй, як-цябе-там! Ану вылазь адтуль!”»

Вістан Х'ю Одэн. Выбраныя вершы
Генрыкас Радаўскас. Выбраныя вершы

ВІСТАН Х'Ю ОДЭН

Выбраныя вершы

Wistan Hugh Auden

​​​

Адзін з найлепшых паэтаў XX стагодзьдзя. Пер-шыя пераклады зь яго творчасьці я спрабаваў рабіць яшчэ ва ўніверсітэце. 

​

​

Пахавальны блюз
Funeral Blues
 

Спыні гадзіннікі і вымкні тэлефон,
Сабаку костку кінь, каб больш не гаўкаў ён,
Уціхамір раяль, пад барабанаў хор
І енчанне няхай труну нясуць надвор.


Няхай аэрапланы, ўпадаючы ў адчай,
Накрэсляць «ён памёр» на ўсенькі небакрай.
Надзень на галубоў жалобныя банты,
Пальчаткі чорныя хай носіць паставы.


Ён быў мой Поўдзень, Поўнач, Захад і Усход,
Мая работа й мой спачынак ад турбот,
Мая зіма і лета, восень і вясна;
Любоў, я думаў, пераможа смерць — хлусня.


У зорках больш няма патрэбы — ўсе сатры;
Схавай у скрыню месяц, сонца разбяры,
Спусці з азёр ваду, лес вымеці суздром;
Цяпер нічому ўжо не скончыцца дабром.

ГЕНРЫКАС РАДАЎСКАС

Выбраныя вершы

Henrikas Radauskas

​​​

Выдатны літоўскі паэт (1910–1970), якога я адкрыў для сябе яшчэ ў годзе 2018, але перакладаць пачаў толькі ў 2024, калі пераехаў у Літву. Радаўскас — таксама эмігрант: нарадзіўся ў Кракаве, а апошнія амаль трыццаць гадоў свайго жыцця правёў у Ня-меччыне й ЗША. Яго вершы спалучаюць прастату формы й глыбіню думку, а некаторыя вершы я б акрэсьліў як метафізічную лірыку, як, прыкладам, вось гэты:

​​​

Перагаворванні сабак

Pasikalbėjimai šunų

 

Праз тэлеграфны плот цямнеючых слупоў

З дарогі шэрай, жвірыстай, шчарбатай

Я бачу сілуэты крохкіх хутароў

На фоне восені мурзатай.

 

За бальшаком, дзе папараць і хвошч,

Бяжыць над багнаю пастушкі кліч тужлівы.

І капае бязгучна дождж

У коней з грывы.

 

З нябёс на лес прасыпаўся ўжо вечар,

І стуку дзятла болей не чутно.

Замёрлі рэчы.

Цямно.

 

І хто ж укінуў мяне ў цемру тую?

Іду па лужынах нябачных напрасцяк.

Дзесь там, за даляглядам, чую

Перагаворванні сабак.

Марцэліюс Марцінайціс. Балады Кукуціса
Марцэліюс Марцінайціс. Балады Кукуціса

МАРЦЭЛІЮС МАРЦІНАЙЦІС

Балады Кукуціса

Marcelijus Martinaitis. Kukučio Baladės

​​​

Як і «Дзюна», гэты пераклад здарыўся са мною выпадкова. Я ведаў, што некаторыя балады ў свой час пераклад Алесь Разанаў, таму калі пабачыў першае выданьне гэтага зборніка ў букінісьце, то купіў не вагаючыся. Стаў чытаць — і балады самі сабою пачалі перакладацца.

​

Інструкцыя для Кукуціса,

вызваленага з астрога

 

а) не думаючы

думаць

чаго не трэба думаць

 

б) не бачачы бачыць

чаго не трэба

бачыць

 

в) не разумеючы

разумець

чаго не трэба разумець

​

Кукуціс прызнаецца

ў каханні бульбіне

 

Пакахаў я бульбіну

з збан велічынёю.

Як жа было б добра

ажаніцца зь ёю.

 

Цалаваў бы ў лоб

яе зноў і зноў я!

Ножычкам бы скроб,

а яна б ні слова!

​​

Алесь Разанаў ня толькі пераклаў некаторыя балады — ён дапісаў некалькі сваіх, пазначыўшы іх у выданьні зорачкай і маленькай зорачкай, так што няўважлівы чытач можа адразу і не зразумець, што некаторыя гісторыі пра Кукуціса не належаць Марцінайцісу. Мяне таксама зачараваў Кукуціс, і я склаў пра яго тры свае (ва ўсіх сэнсах) гісторыі. Вось адна зь іх:

​

Кукціс трапіў у Лондан

 

Аднойчы Кукуціс

устаў не з тае нагі,

выйшаў з хаты, а там —

Лондан.

Хадзіў ён хадзіў,

блукаў ён блукаў

і ўшчэнт затлуміўся,

бо тлуму вакол —

як на Кальварыйскім рынку.

Дамоў высозных

што апенек на пні,

а адзін дык увогуле

ні то велікоднае яйка,

ні то велізарны цэпелін,

і вокны як шкваркі.

 

Ідзе Кукуціс сам ня свой,

бо ўсё ў гэтым Лондане

нясвойскае,

непрыручанае,

неабкукучанае.

Колькі ж трэба тут прадыхаць,

каб яно стала знаёмым,

каб ведаць кожны двор

і кожны шынок?!

 

Адно добра —

усе вакол гавораць

на лацінцы.

ЮРГІС КУНЧЫНАС

Выбраныя вершы

Jurgis Kunčinas

​​​

Яшчэ адзін літоўскі паэт, якога некаторыя, пэўна што, ведаюць па рамане «Туўла» ў цудоўным перакладзе Сяргея Шупы. Зборнік выбранага будзе ўключаць вершы з трох паэтычных кніг паэта: «Лясная сьцежка» (1977), «Адкладзены верасень» (1984) і «Крыж адраджэньня» (1990). 

​​​

Восеньскі цыклон

Rudenio ciklonas

 

​

Яшчэ натоўп не адышоў ад летняй спёкі

І ледзьве плечы прыкрывае тонкі лён,

А недзе ў далечы пустой затокі

Ўжо спее першы восеньскі цыклон.

​

Ён бліжыцца штораз пусцейшым местам,

Рудым лістом і словам, кінутымі ніц.

Свяжэе ў доме. І ад Хельсінкі да Брэста

У небе светла ад бясконцых бліскавіц.

​

Уранку свет яшчэ спакойны й свойскі—

Бадзёрая мелодыя ды радасны прагноз.

І толькі моўчкі хмурацца нябёсы

Ды густа на вадзе ад ветравых палос.

​

Дадолу прыпадаеш — хмары з ношай.

Па сцежцы коціцца каштан. А вось і ён —

У развітальным шолаху апошняй

Лістоты — восеньскі цыклон.

Book no.1
Book no.2
Book no.3
Book no.4
Book no.5
Book no.6
Book no.7
Book 8
© 2026 Ігар Кулікоў. Powered and secured by Wix
bottom of page